Адрес райисполкома: Республика Беларусь, Минская область, 223411 г.Узда, ул. Советская, 22.

Телефон приемной: (8-01718) 65-5-07

Факс приёмной райисполкома: (8-01718) 65-3-57

E-mail: isp@uzda.minsk-region.by

Автовокзал в г.Узда
Автовокзал в г.Узда

Историческая хроника

Уздзеншчына спартыўная

Развіццё спорту на Уздзеншчыне пачалося ў 20-я гады і не толькі ў школах на ўроках, але і ў пазашкольных мерапрыемствах.

У мястэчку Узда дзейнічаў клуб імя Тэльмана. Там працаваў фізкультурны гурток для дзяцей, кіраваў ім настаўнік школы Рэзнік. Выхаванцы рыхтавалі гімнастычныя піраміды і выступалі на вечарах самадзейнасці. Бібліятэкар клуба арганізоўваў спаборніцтвы па шашках і шахматах, лыжныя прагулкі для дарослых.

У 1930-я гады насельніцтва раёна паступова далучалася да заняткаў па фізкультуры і спорту, асабліва ў мястэчку Узда. Аднак фізкультурныя кадры былі нізкай кваліфікацыі. І нават у 40-я гады ў раёне не было настаўнікаў фізкультуры з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Настаўнікі ў школах былі ў асноўным фізкультурнікі-энтузіасты, якія пасля арміі закончылі шасцімесячныя курсы, яны ж працавалі і інструктарамі фізічнай культуры ў артэлях. І тым не менш фізкультура развівалася.

Дарослыя займаліся ў асноўным валейболам, футболам, лыжамі, шахматамі, шашкамі, стральбой, стыхійна – канькі, гарадкі і гіравы спорт. У школах і працоўных калектывах, калгасах здавалі нарматывы на значкі ГПА і “Варашылаўскі стралок”.

Ствараліся раённыя каманды па розных відах спорту для удзелу ў абласных спаборніцтвах. Напрыклад, у 1934-1935гг. каманда мужчын па валейболе заняла 3-е месца ў рэспубліцы сярод сельскай моладзі.

У сярэдзіне 30-х гадоў упершыню быў пабудаваны раённы стадыён з футбольным полем. Ён знаходзіўся на ўскраіне Узды па дарозе на в.Прысынак (зараз там знаходзіцца цэх прыроднага газу).

Недалёка ад стадыёна быў пабудаваны і адкрыты стралковы цір. Адным з найбольш вядомых спартыўных мерапрыемстваў таго часу (1936г.) быў велапрабег Узда – Негарэлае.


У 1946г. быў створаны камітэт па фізічнай культуры і спорце пры райвыканкаме, старшынёй якога быў прызначаны Павел Паўлавіч Чарнавус, якому ў 1972г. было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны трэнер БССР”.

У пасляваенным спартыўным жыцці рэспублікі было добра вядома імя Уладзіміра Аляксандравіча Германовіча з Узды. Ён быў прызваны на Ціхаакіянскі флот. Прымаў удзел у баявых дзеяннях. Па заканчэння вайны з Японіяй ён прымаў удзел у Спартакіядах флоту ў камандах па валейболе, баскетболе, а ў зімовы час – у хакеі з мячом.

Тады ж У.А. Германовічу быў прысвоены першы разрад па футболе і валейболе. Дэмабілізаваўшыся ў 1950г., прыехаў на радзіму маці ва Узду. Працаваў ваенруком у беларускай школе, трэнерам па валейболе ў спартыўнай школе. Выступаў за зборную раёна па валейболе, займаўся лёгкай атлетыкай, скачкамі ў вышыню. Быў чэмпіёнам вобласці, заняў 2-е месца ў рэспубліцы сярод сельскай моладзі. У складзе зборнай каманды БССР быў удзельнікам I Усесаюзных гульняў па футболе ў г.Баку, дзе яму выпала адказная місія – сцяганосца. Прымаў актыўны ўдзел ва Усесаюзных сельскіх спартыўных гульнях у Адэсе і Кішынёве. Працаваў настаўнікам у Сяменавіцкай і фізруком у Зенькавіцкай школах.

У 1951 годзе прымаў удзел у арганізацыі раеннага спартыўнага таварыства “Калгаснік”, быў яго першым старшыней. Праз два гады таварыства “Калгаснік” злілося з сельскім таварыствам “Ураджай”. Дзякуючы дзейнасті таварыства, шмат уздзенцаў сталі вядомымі майстрамі спорту не толькі ў нас у рэспубліцы, а нават і далека за яе межамі. Гэта Міхаіл Іосіфавіч Ксяневіч, Валянціна Заяц, Наталля Кароль, Раіса Шавель, Іван Герасімовіч і інш.


У 1950-я гады працаваў старшынёй раённага камітэта фізкультуры Міхаіл Іосіфавіч Ксяневіч. У 1951г. пачалася яго спартыўная дзейнасць. У гэты час ён пачынае займацца лыжамі і веласіпедам і ўжо ў 1953 годзе ён становіцца чэмпіёнам БССР, майстрам спорту (веласіпед).

Міхаіл Іосіфавіч не толькі сам дасягнуў вялікіх поспехаў, але і выхаваў двух майстроў спорту. Гэта Раіса Шавель з в. Нізок і Валянціна Заяц з в. Старыя Маргі.

Валянціна Іванаўна Заяц нарадзілася ў 1938 годзе ў в. Старыя Маргі. Старэйшыя класы заканчвала ва Уздзе. Кожны дзень адлегласць ад дому да школы праязджала на веласіпедзе (10 км), туды і назад. Гэта і была штодзенная трэніроўка. Удзельнічала ў абластных, рэспубліканскіх і ўсесаюзных спаборніцтвах, дзе неаднаразова займала прызавыя месцы. У 1963 г. выканала нарматыў майстара спорту.

На Уздзеншчыне развіваецца такі від спорту як шахматы і шашкі, есць свае пераможцы і кандыдаты ў майстры спорту па шашках.

Марыя Яўгенаўна Лічко пасля прыезду ва Узду стала працаваць настаўніцай у Азерскай СШ. Яна майстар спорту па шашках, член зборнай каманды абласнога савета ДФСТ прафсаюзаў па шашках, паспяхова ўдзельнічае ў спаборніцтвах па біятлоне, лыжных гонках, зімовым мнагаборстве і інш.

Добрых вынікаў дабіваўся ў гульнях па шахматах былы дырэктар ДЮСШ Вячаслаў Вікенцьевіч Берасневіч.

З гонарам мы сення можам весці гаворку пра заслужаных трэнераў БССР, ураджэнцаў Узденскага раёна Германа Мацвеевіча Бокуна і Ігара Сцяпанавіча Маяровіча.


Былы дырэктар школы вышэйшага спартыўнага майстэрства спорткамітэта БССР, заслужаны дзеяч фізічнай культуры БССР, заслужаны трэнер БССР и СССР, майстар спорту СССР Герман Мацвеевіч Бокун быў адным з мацнейшых фехтавальшчыкаў Савецкага Саюза. Ён чэмпіён СССР, удзельнік XV Алімпійскіх гульняў у Хельсінкі ў складзе зборнай краіны. Сярод выхаванцаў Бокуна: Т.Самусенка, А.Чарнушэвіч, А. Ніканчыкаў, Дз. Ніканчыкава, Ю. Смалякоў і інш. былі чэмпіенамі і прызерамі Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнамі СССР.

Ігар Сцяпанавіч Маяровіч – заслужаны трэнер БССР. З’яўляўся членам зборнай каманды БССР па водным пола. Адстойваў гонар рэспублікі ў складзе каманды, неаднаразова быў чэмпіенам БССР, прызерам Усесаюзных студэнцкіх гульняў. У 1964 г. І. Маяровічу прысвоена званне майстра спорту СССР па водным пола, а праз два гады ён становіцца трэнерам каманды СКІФа. Ім быў падрыхтаваны чэмпіён свету 1975 г., заслужаны майстар спорту СССР варатар Анатоль Клябанаў.

У 1978 годзе спорткамітэтам СССР І. Маяровіч быў накіраваны на працу ў Інданэзію – трэнерам-кансультантам зборнай каманды краіны па водным пола.

З дзяцінства захапляўся спортам Міхаіл Галавенчык. У 1970 годзе на Спартакіядзе БССР па лёгкай атлетыцы сярод школьнікаў ён заваяваў адразу тры медалі: сярэбраны і 2 бронзавыя. У 1971 годзе на 5-й Спартакіядзе БССР у г. Мінску быў узнагароджаны залатым медалем. У 1970-1971 гг. M.М. Галавенчык уваходзіў у зборную рэспублікі сярод школьнікаў па лёгкай атлетыцы. Удзельнічаў у першынстве СССР у г. Сочы, кандыдат у майстры спорту. Пасля заканчэння інстытута працаваў выкладчыкам фізвыхавання, трэнерам, старшынёй спорткамітэта пры райвыканкаме.

Акрамя спартыўных таварыстваў спорт шырока развіваўся і на прадпрыемствах Уздзеншчыны. Асноўнымі відамі былі футбол і валейбол. Неаднаразова выстаўлялі свае каманды швейная фабрыка, міліцыя, філіял абутковай фабрыкі “Прамень”, аўтабаза, малочны завод, хлебазавод, лясгас, завод бульбапрадуктаў, КБА, райсельгастэхніка і сельгасхімія.

Футбольная каманда міліцыі “Дынама” за дасягненне поспехаў не раз была ўзнагароджана граматамі, каштоўнымі падарункамі. У 1992 годзе яна выйграла суперкубак раёна.

Каманда “Нёман” была бронзавым прызёрам на чэмпіянаце Мінскай вобласці.

Развіцце спорту ў школах раёна пачалося ў 20-я гады. У Узденскай беларускай школе была спартыўная зала, дзе дзеці актыўна займаліся спортам.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў 1944г. у беларускай школе Узды развіваліся такія віды спорту, як гімнастыка, лыжы і розныя гульнявыя віды.

У 1948 годзе ў школе працаваў адзін настаўнік па фізічным выхаванні Адам Якаўлевіч Александровіч і ўжо ў 1950 г. ён выстаўляў каманду на рэспубліканскія спаборніцтвы паміж спартыўнымі школамі ў г. Брэсце.

У той час існавала два аддзяленні па гімнастыцы: каманда хлопчыкаў і каманда дзяўчынак.

На базе беларускай школы была створана ДЮСШ. Першым дырэктарам ДЮСШ быў Захар Маркавіч Шышко, потым –Міхаіл Іосіфавіч Ксяневіч.

Найбольшых поспехаў ДЮСШ дасягнула, калі яе дырэктарам стаў Вячаслаў Вікенцьевіч Берасневіч.

У той час у школах пачалі стварацца спартыўныя гурткі і секцыі. Асаблівая ўвага ўдзялялася легкай атлетыцы. Выхаванцамі ДЮСШ былі вядомыя цяперашнія майстры спорту: Валерый Іванавіч Ражкоў, Вячаслаў Счасновіч, Уладзімір Селівончык, Мікалай Пульманоўскі, Юрый Бондар, Ірына Шэмет, Іван Лапата, Галіна Купрыянчык, Валерый Малюкевіч.

Интернет-ресурсы