Адрес райисполкома: Республика Беларусь, Минская область, 223411 г.Узда, ул. Советская, 22.

Телефон приемной: (8-01718) 65-5-07

Факс приёмной райисполкома: (8-01718) 65-3-57

E-mail: isp@uzda.minsk-region.by

Гостиница в г.Узда
Гостиница в г.Узда
Главная / Новости / Новости района
7 сентября 2017

Міжнародны навукова-практычны семінар да 170-годдзя з дня нараджэння Якуба Наркевіча-Ёдкі адбыўся ў Наднёмане

7 верасня, Узда /Уласн. інф./.  Імя Якуба Наркевіча-Ёдкі знаёма кожнаму жыхару нашага райцэнтра, хто цікавіцца гістарычным мінулым роднага краю, яго знакамітымі людзьмі. А дзясяткі гадоў таму гэтае імя было добра вядома далёка за межамі нашай краіны – у Пецярбурзе, Берліне, Вене, Парыжы, Рыме столькі размоў было пра гэтага беларускага вучонага-фізіка і яго метэаралагічную станцыю. А колькі высокіх званняў, тытулаў і ўзнагарод меў Якуб Атонавіч нават падлічыць цяжка. У 1986 годзе ў Францыі была выдадзена кніга пра яго жыццё і дзейнасць. А родавы маёнтак Наркевіча-Ёдкі між іншым знаходзіцца ў нашых мясцінах – вёсцы Наднёман.
Рэшткі колішняй сядзібы вучонага і цяпер дыхаюць даўніной. Вось толькі стан гэтага помніка архітэктуры жадае быць лепшым. Зараз захаваліся толькі руіны цэнтральнай часткі палаца і ўязная брама. У 2014 годзе пачалося аднаўленне ўязной брамы. Аднаўленчым праектам кіруе дабрачынны фонд імя прафесара Я. Наркевіча-Ёдкі, які збіраў сродкі на рэканструкцыю. Шмат зроблена і па добраўпарадкаванні тэрыторыі, дзе размяшчаўся маёнтак. У апошнім заслуга кіраўніка групы па скандынаўскай хадзьбе Валянціны Корзунавай, якая аб’яднала вакол сябе нераўнадушных да гістарычнага мінулага людзей.
– Рэстаўрацыйныя работы ў Наднёмане вядуцца і цяпер, – адзначыў старшыня савета мясцовага дабрачыннага фонду Уладзімір Самуйлаў. – Плануецца абуладкаваць тут музей-лабараторыю вучонага, а таксама навукова-адукацыйны цэнтр.
Добры старт сумеснай дзейнасці ў Наднёмане далі ў жніўні, калі ўдзельнікамі двухдзённага міжнароднага навукова-практычнага семінара сталі прадстаўнікі Міністэрства культуры Беларусі, Нацыянальнай акадэміі навук нашай краіны, Белдзяржуніверсітэта, райвыканкама, раённага гісторыка-краязнаўчага музея, міжнароднага дабрачыннага фонду “Навука вакол нас”, дабрачыннага фонду імя прафесара Я. Наркевіча-Ёдкі. На гэту сустрэчу завіталі і родзічы беларускага вучонага, сярод якіх – праўнучка Маргарыта.
Удзельнікаў форуму гасцінна прывітаў санаторый “Пад’ельнікі”, размешчаны ў некалькіх кіламетрах ад знакамітай сядзібы. І гэта не выпадкова. У свой час у Наднёмане дзейнічаў прыватны санаторый. Гэта была ўрачэбная курортная база, якую ўзначаліў сам уладальнік маёнтка, прафесар электраграфіі і магнетызму, доктар медыцынскіх навук Якуб Наркевіч-Ёдка. У санаторыі вучоны праводзіў даследаванні і на практыцы прымяняў розныя спосабы для лячэння і барацьбы з захворваннямі заразнага характару хворых і слабагрудых. Акрамя электраграфіі, вучоны прымяняў вынайдзены ім новы спосаб электралячэння. У санаторыі лячэнне праводзілася комплексна, яно дапаўнялася святло-, вода- і паветратэрапіяй, гімнастыкай, лячэннем кумысам і кефірам, выкарыстаннем мясцовых мінеральных вод. Тут быў абсталяваны нават салярый. Дарэчы, у санаторыі сярод пацыентаў былі і сяляне, якіх прафесар лячыў цалкам бясплатна.
Знаёмства з Уздзеншчынай для ўдзельнікаў форуму пачалося з наведвання раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Дырэктар гэтай установы культуры Тамара Лухверчык пазнаёміла гасцей з гістарычнай і культурнай спадчынай раёна, расказала пра традыцыі, якія беражліва захоўваюць уздзенцы. Доказам яе слоў сталі карціны мастакоў, якія перыядычна прыязджаюць у нашы мясціны, шукаюць натхненне і з дапамогай пэндзля і фарбаў ствараюць новыя палотны. Да такой кагорты належаць Уладзімір Уродніч, Леанід Гоманаў, Мікалай Мішчанка, Алесь Філіповіч і многія іншыя. Іх карціны перыядычна ўпрыгожваюць сцены выставачных залаў раённага музея.
Плённай выніковай работы ўдзельнікам семінара пажадала і намеснік старшыні райвыканкама Ала Зінавенка. Не адну гадзіну затым доўжылася секцыя, дзе размова ішла пра навуковую спадчыну Наркевіча-Ёдкі. Прысутныя ўзгадалі, што ў скляпеннях свайго палаца ў Наднёмане Якуб Наркевіч-Ёдка праводзіў даследаванні ў галіне фізікі і электрычнасці. Тут жа была абсталявана і першая на тэрыторыі Беларусі метэаралагічная станцыя, якая была ўключана ў склад галоўнай фізічнай абсерваторыі Расійскай імперыі. На галерэі самай высокай вежы палаца навуковец усталяваў так званую “эолаву арфу” – шэраг труб, якія пры парывах ветру выдавалі розныя гукі. Увогуле, Якуб Наркевіч-Ёдка быў вельмі шматграннай асобай: ён паспяхова займаўся не толькі фізікай, але і медыцынай, біялогіяй, музыкай, пры ім у Наднёмане быў закладзены новы парк, рэшткі якога яшчэ захаваліся.
Апошнім мерапрыемствам першага дня семінару стала выступленне ансамбля “Тутэйшая шляхта”.
Адметнасцю другога дня сталі прагляд фільма кінастудыі “Зваротны адлік” і наведванне маёнтка ў Наднёмане, дзе жыў і тварыў Якуб Атонавіч.
Як адзначыў пасля Уладзімір Самуйлаў, сядзібу ў Наднёмане называюць помнікам архітэктуры неаготыкі з рысамі неарэнесансу. Паколькі будынак палаца будаваўся на аснове старога прамысловага збудавання ,ён атрымаўся вельмі незвычайным. Яму былі нададзены рысы замкавага стылю з элементамі сярэдневяковай готыкі, чаму спрыялі магутныя сцены старога бровара. Каб надаць кампазіцыі палаца лёгкасць, архітэктары дадалі дзве вежы – шасціграннай і чатырохграннай формаў. Другая вежа – вышынёй 27 метраў – была бачная здалёку. Будынак палаца быў узведзены прамой лініяй ўздоўж ракі Нёман, уздоўж фасада цягнулася высокая і шырокая тэраса з двума бакавымі каскадамі прыступкаў.
Спыніўся экскурсавод і на архітэктурных асаблівасцях уязнай брамы, верх якой аздобілі фамільным гербам Наркевічаў-Ёдка, на скляпеннях, знойдзеных пад знятым слоем глебы, на руінах колішняй аранжарэі, лістоўніцах, якія велічна ўзвышаюцца над руінамі, на абноўленых могілках сям’і і г. д. Асабліва ўразілі прысутных знаходкі, якія адшукваюцца ў час работ. Сярод апошніх – рэшткі статуэтак, аддзелачныя пліткі, бутэлькі шампанскага…
Яшчэ адна частка семінара была прысвечана гісторыі сям’і Якуба Наркевіча-Ёдкі. Сямейнымі рэліквіямі, фотаздымкамі, успамінамі падзяліліся нашчадкі знакамітага вучонага з Беларусі, Польшчы, Амерыкі. Шмат карысных для гісторыкаў здымкаў ёсць у сямейных альбомах Маргарыты Наркевіч-Ёдка і Міхаэля Славінскі. Цікавымі аказаліся і меркаванні Алены Патарыні, якая займаецца перакладам кнігі пра Наркевіча-Ёдку і вывучае яго даследчую дзейнасць. Што аб’ядноўвае такія назвы, як “Малыскаўшчына” і “Наднёман”, патлумачыла гісторык Святлана Адамовіч. Яна адзначыла, што пасля пабудовы палаца бацька Якуба Отан Наркевіч-Ёдка вырашыў памяняць назву Малыскаўшчына на больш мілагучнае і рамантычнае Наднёман. Увогуле, цікавых фактаў з біяграфіі нашага земляка за гэтыя два дні прагучала шмат.
Арганізатары сустрэчы выказалі пажаданне, што падобныя сустрэчы павінны стаць традыцыйнымі. А гэта, безумоўна, дазволіць зрабіць далёкае мінулае больш блізкім.

 

Газета “Чырвоная зорка”,
Вера ЛУКАШЭВІЧ, Сяргей ШАРАЙ (фота)

Интернет-ресурсы