Адрес райисполкома: Республика Беларусь, Минская область, 223411 г.Узда, ул. Советская, 22.

Телефон приемной: (8-01718) 65-5-07

Факс приёмной райисполкома: (8-01718) 65-3-57

E-mail: isp@uzda.minsk-region.by

Грабовая аллея
Грабовая аллея
Главная / Гостям / Туризм и отдых / Экскурсія “Падарожжа па старой Уздзе 20-х – 30-х гадоў XX стагоддзя”

Экскурсія “Падарожжа па старой Уздзе 20-х – 30-х гадоў XX стагоддзя”

Прапаноўваю вам прайсці па старых вуліцах і плошчах нашага горада, агледзець збудаванні, якія памятаюць старыя часы, людзей, падзеі...

Пачнём мы сваю вандроўку каля будынка Уздзенскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея. Менавіта тут, на гэтым месцы, з 1919 года знаходзілася “працоўная школа 2-й ступені”, была яна сямігадовай. Тут у свой час вучыўся будучы Герой Савецкага  Саюза Мікалай Навіцкі. Да нашага часу захаваўся адзін са школьных будынкаў, які зараз абкладзены цэглай і выкарыстоўваецца як  выставачная зала музея.

Далей мы крочым па вуліцы Школьнай у напрамку плошчы Свабоды. Да рэвалюцыі 1917 года тут месціўся так званы “Конскі базар”. Менавіта тут збіраліся кірмашы, дзе гандлявалі жывёлай. У 1936 годзе на гэтым месцы быў устаноўлены помнік Уладзіміру Ільічу Леніну, вакол быў разбіты сквер (у першыя дні акупацыі помнік быў знішчаны і потым адноўлены па даваенным праекце ў 1947 годзе).

Пры ўваходзе на плошчу Свабоды злева знаходзіцца будынак машына-вылічальнай станцыі і Уздзенскай бібліятэкі імя Паўлюка Труса. У часы Расійскай імперыі тут месцілася валасная ўправа, а ў савецкі час - раённы выканаўчы камітэт.
Справа пры ўваходзе размешчаны былы будынак дзіцячага сада, які быў пабудаваны ўздзенскімі мулярамі ў 1934-1935 гадах пад кіраўніцтвам Фелікса Якаўлева.

Мы крочым па плошчы і выходзім да вуліцы Карла Маркса. У старыя часы тут пачыналася вуліца “Юрздыка”. Да нашых часоў на гэтай вуліцы фрагментарна захавалася забудова пачатку ХХ стагоддзя. Напрыклад, дом №1. Тут з 1913 да 1928 года пражывала сям’я земскага доктара Францішка Паўлоўскага. Злева ад дома доктара знаходзіўся будынак былога паштова-тэлеграфнага аддзялення, якое пачало працаваць з 1894 года.

Дамінантай плошчы Свабоды з’яўляецца раённы Дом культуры, пабудованы ў 1798 годзе як парафіяльны касцёл “Узвышання Святога Крыжа” на сродкі ўладальніка Узды, генерала рускай службы, Казіміра Завішы.  Касцёл пабудаваны з дрэва ў модным у той час  класічным архітэктурным стылі. У пачатку ХХ ст. вакол касцёла была ўзведзена агароджа з чырвонай цэглы і слупы ў выглядзе каплічак з цёсанага каменю. На куце агароджы, злева, звонніца ў неагатычным архітэктурным стылі (не захавалася). Уваход на тэрыторыю былога касцёла - брама з каванымі кратамі, упрыгожанымі раслінным арнаментам работы мясцовых кавалёў.

У дзяржаўным архіве захаваліся дакументы, якія сведчаць, што менавіта тут у 1846 годзе адбылося хрышчэнне Дамініка Луцэвіча – будучага бацькі народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.

У школе пры касцёле вучыўся і будучы паэт Тамаш Зан.

Замыкаюць старую забудову плошчы Свабоды чатыры мяшчанскія дамы пабудовы пачатку ХХ ст. У першым ад касцёла доме ў 20-30 гадах месціўся дзіцячы сад. У другім –  знаходзіліся кватэры банкаўскіх служачых. У трэцім і чацвёртым –прыватныя сядзібы.

Плошча Свабоды пераходзіць у  Чырвоную.

Тыповым будынкам местачковай забудовы з’яўляецца дом № 1.

Далей месціцца будынак былога гасціннага двара. У старыя часы тут спыняліся падарожнікі. У будынку былі пакоі для гасцей і агульная зала для харчавання. Цікава, што будынак быў пабудаваны з бутавага каменю, а таўшчыня сцен дасягае 120 см.

Вакол плошчы месціліся гандлёвыя лаўкі. Так да нашага часу амаль у некранутым стане захаваўся будынак, пабудаваны ў 1913 годзе, на якім захаваўся надпіс “Торговля Ратнера”. У 1930-х гадах тут знаходзіўся банк, а зараз гэта аптэчны кіёск і магазін “Канцтавары”.

У будынку сучаснага РАУС у 30-гадах месціліся “Нардом імя Сталіна” і “Торговля Левіна”. У лаўках гандлявалі прамысловымі таварамі і бакалеяй. Тут пачыналася вуліца Вялікая (сучасная  вуліца Ленінская).   Вакол плошчы фрагментарна захавалася забудова пачатку ХХ ст. – былыя майстэрні краўцоў, якія з 1928 года з’ядналіся ў арцель.

Па праву архітэктурным упрыгожваннем Чырвонай плошчы, сімвалам нашага старажытнага горада, з’яўляецца Свята-Пятра-Паўлаўская царква, якая знаходзіцца ў  цэнтры плошчы.

Першы дакументальны ўспамін аб Уздзенскай царкве адносіцца да 1519 года. У той час яна была драўлянай.

У 1840 годзе на сродкі ўладальніка мястэчка графа Фадзея Завішы быў пабудаваны першы ва Уздзе каменны праваслаўны храм. Храм уяўляў сабой збудаванне з бутавага каменю ў выглядзе дома з чатырохсхільнай крышай.

Але з цягам часу невялікі храм не стаў змяшчаць шматлікіх прыхаджан, колькасць якіх павялічвалася. Па-гэтаму ён некалькі разоў перабудоўваўся і канчатковы знешні выгляд  набыў у 1912-1914 гадах, калі ён быў перабудаваны ў неарускім архітэктурным стылі па праекце епархіальнага архітэктара Струева на сродкі прыхаджан і дзяржавы.

З 1920 па 1935 год настаяцелем прыходу служыў айцец Міхаіл Навіцкі, у наш час праслаўлены ў ліку Святых.

Чырвоная плошча заўсёды была гандлёвай. Па нядзелях тут збіраліся базары. Сяляне прывозілі вырабы сваёй працы. Плошча была брукавана бутавым каменем. Фрагмент старога бруку захаваўся да нашага часу. З тыльнага боку царквы на плошчы захавалася мяшчанская забудова пачатку ХХ ст. Сучасная вуліца Пралетарская да рэвалюцыі 1917 года  мела назву Малая.

Да нашых часоў захаваўся і будынак народнага вучылішча, якое пачало сваю дзейнасць у 1864 года і існавала да 1919 года. Яно было з’яднана з гімназіяй у “працоўную школу”. Тут вучыліся будучыя вядомыя паэты Паўлюк Трус, Пятро Глебка, Алесь Якімовіч.

Аўтар А.М.Ярмольчык,
настаўнік гісторыі Уздзенскай СШ № 2

Складальнік Д.М.Суткаленка,
намеснік дырэктара Уздзенскага РЦДТіЭ

Интернет-ресурсы